Сайт Міхася Южыка Пятница, 29.03.2024, 11:06
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2012 » Декабрь » 29 » ЗІМОВАЕ
12:54
ЗІМОВАЕ


Барыс Пастарнак

(пераклад мой – М.Ю.)

* * *

Снег ідзе, снег ідзе.

Да віхурыстых пушынак

кветкі цягнуцца за шыбу

ў паўсядзённай чарадзе.

 

Снег ідзе, жывы і пругкі.

Заспяшаліся ў палёт

чорнай лесвіцы прыступкі,

скрыжавання паварот.

 

Снег ідзе, спыняе час.

Нібы ў белай апранасе

неба з любасцю нянаскай

тут планіруе на нас.

 

Ці спускаецца крадком

у бязважкай мройнай цішы

неба з самага гарышча

глухаватым дзіваком.

 

Ці жыццё ляціць, як снег,

ледзяністы і кіпучы,

раптам згледзіш – год на кручы

не сцішае свой разбег.

 

Снег ідзе, густы-густы.

Разам з ім, слядамі тымі,

тэмпам тым, з лянотай той,

ці, наўсперач, быстрынёй

час ідзе ў зіхоткай стыні?

 

Можа, так лятуць гады,

не вяртаюцца сюды

з чараўнічай снежнай плыні?

 

Снег ідзе, спыняе час,

Снег ідзе, жывы і пругкі,

ды нанова кожны раз

упрыгожвае завулкі

і дамы, што туляць нас.

 

 

* * *

На досвітку сон небывалы

сасніў я ў пакоі пустым:

гітара выбітная грала,

мелодый клубіў срэбны дым.

 

Я знаў вас музыкі, я ведаў,

як здольныя залу сагрэць

і словам, і нотай адметнай,

што могуць скрозь сцены ляцець.

 

Жаночы з мужчынскім лунаюць

суладдзем жывым галасы...

І тоненька душы кранаюць,

як ранішні промень – расы.

 

У сне ж былі новыя песні,

наяве ад вас іх не чуў.

Мне песні казалі: "Ўваскрэсні!”

пад вецер зімовы, што дзьмуў.

 

 

 

* * *

Стаяць невыносна. Рухацца

змушае жыцця закон.

І ступар задушыць скрухаю,

і бойка бярэ ў палон.

 

Даўжэзны канат над безданню.

Шчаслівы, хто меў баланс

між веданнем і няведаннем.

Балансу хай вучыць нас.

 

 

* * *

Раптам прачыніш дзверы

ў злагадны чысты дом.

Светла тады ў кватэры,

радасна за вакном.

 

Можна між спраў падоўгу

бачыць твой мілы твар.

Думкі трывожна соўгаць,

спеліць радкоў пажар.

 

І нараджаць мелодый

нам зразумелы строй.

Год у пакоі ходзіць,

відны табе адной.

 

"Вось ён стаіць, старэчы...” –

кажаш. І кожны раз

чую, як год за плечы

кратае ў гэты час.

 

 

* * *

Віецца пакуль загадкава

лёсу сляпая ніць.

Часу дарэмна загадваць,

час можа доўга лячыць.

 

Цераз згрызоты, стомленасць

кожным пражытым днём

час адраджае з воляю,

з моцаю і агнём.

 

Вечар сышоў на вуліцы.

Цугам машыны цякуць.

Фары мільготка жмурацца

ў завейную каламуць.

 

 

* * *

Мы прачнуўшыся ўзляцелі

між дратоў, каменных сцен,

дзе мелодыі мяцеліц

уздымаюцца з калень.

 

У пустэчы белых вуліц

зрэдку постаці ішлі.

Мы мелодыі ўдыхнулі

ды ў паветры паплылі.

 

"Нас не бачаць!” – ты сказала,

"Нас пачуюць!” – я сказаў.

І завея замятала

рэек звілістых метал.


 

 

Зайка

 

Плача душа-нязнайка,

роздумаў плавіць лёд.

Скача па снезе зайка,

бачыць яго народ...

 

Будуць цкаваць жывёлу

выжламі да канца.

Толькі душа ад долу

скокам выштурхнецца.

 

След замяце пад вечар

порсткі залётны снег.

"Зайка, да новай стрэчы!” –

скажа адзін чалавек.


Просмотров: 413 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Декабрь 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024