Сайт Міхася Южыка Среда, 24.04.2024, 14:12
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2012 » Ноябрь » 15 » фрагмент сада-мазахізму з рамана "Лесвіца"
16:31
фрагмент сада-мазахізму з рамана "Лесвіца"

Юрась, які пачуў бразганне клямкі і рып весніц, імгненна падхапіўся з канапы і памкнуўся праз калідор, кухню і сенцы да ўваходных дзвярэй. Калі дзверы пацягнулі звонку, ён быў ужо напагатове і адразу ж адкрыў. Унутр увайшла асоба, апісваць якую трэба няспешна і з густам, а таму дачакаемся, пакуль яна пройдзе ўслед за Юрасём у асветленую трыма лямпачкамі залу.

Гэта была дзяўчына гадоў дваццаці пяці, а можа, зважаючы на сучасную акселерацыю, і маладзейшая. Ростам яна сягала далёка за метр семдзесят. Кароткія рыжыя валасы абрамлялі паглядны кірпаносы твар. Зрэшты, твар меў даволі дурнаваты і няўцямны выраз. Гэтаму спрыяла нязводная ўсмешка, якая адкрывала верхні рад бялюткіх зубоў. Салатавая, амаль празрыстая, блузка шчыльна абцягвала шчодрыя грудзі гэтай паненкі. Плечы яе былі шырокія, яўна шырэйшыя за Юрасёвы, талія ж кантрастна вузкая, бёдры яшчэ шырэйшыя за плечы, магутныя клубы ледзь прыкрываліся блішчастай чорнай спадніцай.

Паколькі госця была ў туфлях на высокіх абцасах, то побач з недалужным Юрасём яна выглядала нейкай аграмадзінай і здавалася вышэйшай за яго на цэлую галаву. Ад яе веяла крамяным здароўем і сексуальнасцю.

— Сядай, Кацярына, — указаў ёй Багатка-малодшы на крэсла каля стала. — Сядай, падмацуемся.

Дзяўчына села, закінуўшы нагу на нагу, пры гэтым кароткая спадніца паднялася яшчэ вышэй і агаліла такія вабноты, ад якіх бы любога нармальнага мужчыну перасмыкнула. Яна зняла дамскую сумачку з левага пляча і кінула яе на канапу.

— Як дабралася? — Юрась прысеў насупраць яе.

— На таксі, як жа яшчэ, — хмыкнула Кацярына. — Дорага. А на грамадскім транспарце не паедзеш, бо пешкі многа ісці. Раён жа бандыцкі.

— Правільна, — сказаў гаспадар гэтай таямнічай хаціны. — Але для таго я і плачу табе добрыя грошы. Ці, можа, табе здаецца, што мала?

— Не мала, — згадзілася Кацярына, — але ж, прабач, і работа…

— А як ты думала! — перабіў хлопец. — Добрыя грошы за халяву не плацяць.

— Ладна, дай закурыць, ці што. — Госця зляпіла капрызную міну на сваім прыгожанькім паўнашчокім і паўнагубым твары.

Юрась працягнуў ёй свой бела-зялёны пачак, узяў і сам цыгарэціну. Яны запалілі і пару хвілін праседзелі моўчкі.

— Ну што ж, перакусім. — Юрась устаў і кінуў недакурак у пустую вазу, што стаяла на падваконні; Кацярына зрабіла тое самае.

Яны вярнуліся на свае месцы і прыступілі да трапезы. Спачатку адкаркавалі віно, выпілі па келіху, затым паспыталі ўсяго па трошкі. За ядой перакідваліся нешматлікімі малазначнымі словамі.

Скончыўшы есці, Юрась дастаў з кішэні штаноў запаветную плоскую каробачку, зняў з яе накрыўку, узяў на палец трошкі парашку, нанёс на край ноздраў і пацягнуў носам.

— На, панюхай і ты, — перасунуў ён каробачку па стале да дзяўчыны.

— Ды не буду я гэтую дрэнь! — запрацівілася яна.

— Вазьмі, — нягучна, але настойліва паўтарыў гаспадар. — Гэта для тонусу. Мне вельмі не спадабалася, што мінулым разам ты была млявая.

Кацярына нехаця і з відавочнай грэблівасцю ўжыла какаін.

— Ну як? — папытаўся ў яе праз некаторы час расчырванелы Юрась. — Дзейнічае?

— Яшчэ б яна не дзейнічала, такая зараза! — Дзяўчына расшпіліла два верхнія гузікі блузкі.

— Хутка пачнём. — Юрась яшчэ раз напоўніў фужэры. — Не скрыю, што сёння чакаю ад цябе большага. — Ён хітравата ўсміхнуўся. — Гэта я на прыбаўку намякаю, ты разумееш?

— Зраблю ўсё што змагу. — Кацярына выпіла адным глытком паўфужэра.

— Добра, а цяпер зачынім гэтую аканіцу. — Хлопец указаў рукой на акно, што выходзіла на вулічны бок. — Я зараз пайду, а ты, як толькі прасуну стрыжань, замацуеш яго цвіком. — Ён падняўся, падышоў да ўзгаданага акна, засунуў руку за шторыну, пашнарыў на падаконніку і дастаў адтуль вялізны цвік.

Цвік Юрась аддаў Кацярыне, а сам адправіўся на двор.

Неўзабаве зарыпелі завесы аканіцы, і праз адтуліну ў драўлянай сцяне, праваруч ад акна, вылез канец жалезнага стрыжня з круглай папярочнай дзірачкай. Дзяўчына, якая ўжо стаяла каля адтуліны, тут жа замацавала стрыжань цвіком, усунуўшы яго ў дзірку.

Юрась, як толькі вярнуўся, скамандаваў:

— Ну, ідзі ў спальню.

Калі Кацярына выйшла з залы, ён стаў паспешліва распранацца. Скінуў абутак, штаны, майку і застаўся ў адных доўгіх сямейных трусах.

— Ну што там! — нецярпліва крыкнуў ён сваёй госці.

Тая не адгукнулася, але праз некалькі секунд паказалася ў дзвярным праёме ўласнай персонай. Выглядала Кацярына ашаламляльна. Свежае, з магутнымі формамі цела адно сімвалічна прыкрывалі белыя ліфчык і трусікі. Настолькі вузкія, што відаць іх было толькі па кантрасце з загарэлым целам.

Дзяўчына стала падыходзіць да Юрася, пагойдваючы ўсімі вабнотамі, з нязменнай дурнаватай усмешкай на твары.

Той стаяў не варушачыся. Нізкі, хударлявы, сутулы, кудлаты і танкашыі, ён выклікаў нейкі дзівосны, пачварны дысананс з раскошнай і пышнацелай госцяй. Яе можна было ўявіць у абдоймах двухметровага атлета, але ніяк не гэтага заморка ў сямейных трусах.

Аднак тое, што адбылося праз колькі секунд, выглядала проста неверагодным.

— Што ты там важдаешся! — тонка ўскрыкнуў Юрась і задрыжаў усім худасочным целам. — Чаму ты пастаянна не слухаешся мяне!

— Я слухаюся… — рахмана залепятала Кацярына, спыніўшыся ў метры ад хлопца.

— Маўчаць! — гаркнуў ён. — Маўчаць, я табе гавару! — І, узмахнуўшы правай рукой, заляпіў дзяўчыне поўху.

Аплявуха выйшла гучная і даволі моцная. Але не настолькі, каб Кацярына адляцела на два метры і ляснулася на падлогу. А менавіта так і адбылося.

— За што?! — загаласіла яна і тут жа пачала падымацца, бо Юрась кінуўся на яе.

Па дарозе ён вышмаргнуў, немаведама адкуль, бізун і, падляцеўшы да Кацярыны, якая не паспела ўстаць, пачаў з крыкамі хвастаць яе гэтай зброяй.

Ахвяра ўсё ж выслізнула ад яго і памчалася па зале. Юрась, размахваючы бізуном, — за ёю. Яны шалёна забегалі вакол круглага стала. Праз некалькі кругоў хлопец падманным манеўрам такі нагнаў Кацярыну, ухапіў аберуч за сцягно, і яны паваліліся на падлогу. Пачалася маўклівая задышлівая валтузня. Юрась цягнуў ахвяру за нагу, а тая сілілася падняцца і біла яго вольнай нагою па твары. Бізун у тузаніне выпаў і заляцеў пад канапу. Кацярына ўсё ж вырвалася ад хлопца і стрымгалоў выскачыла з залы. Ён памкнуўся ўслед, і неўзабаве на кухні раздаліся крыкі, віскат, нешта ўпала, бразнула. Пасля гэтага яны зноў апынуліся ў зале і яшчэ колькі хвілін насіліся басанож па падлозе, канапе, адштурхвалі крэслы, натыкаліся на сцены, дзіўна, што не абрынулі стол.

На бягу Кацярына спатыкнулася аб ножку крэсла і ўпала паміж сталом і канапай. Юрась тут жа нагнаў яе, і раздаліся яго плескачы па дзявочых плячах, спіне, ягадзіцах. Пры гэтым хлопец гарлаў: "Як ты смела мяне не слухацца!”, а дзяўчына: "Я болей не буду!”

І тут ён, абхапіўшы яе ўпоперак, з нейкай маньякальнай сілай адарваў ад падлогі і перакінуў на канапу… Далей адбылося тое, што так натуральна выглядае ў свеце жывёл і чамусьці дужа няёмчыць людзей. А таму замаўкаем.

…На працягу ночы гэты вычварны спектакль паўтараўся яшчэ два разы, з даволі працяглымі перапынкамі, цягам якіх яго ўдзельнікі пакурвалі, папівалі віно і панюхвалі з плоскай каробачкі. Знясіленыя дашчэнту, заснулі ўжо перад світаннем. Пакой нагадваў крушэнне Пампеяў.

І тым не менш у дзесяць раніцы Кацярына, з апухлым паўсонным тварам, вылузалася з хаты і выйшла праз брамку на вуліцу Грушаўскую. На плячы яе звыкла вісела дамская сумачка. Амаль подбегам, паўз платы і касабокія хаты, яна дасягнула вуліцы са шчыльным аўтамабільным рухам, выскачыла на праезджую частку, тармазнула легкавік, перагаварыла з кіроўцам і скрылася ў салоне.

Юрась Багатка ў гэты час яшчэ спаў.

Просмотров: 669 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Ноябрь 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024