Сайт Міхася Южыка Пятница, 20.10.2017, 00:48
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 84

» Форма входа

Главная » 2012 » Февраль » 5 » ТУРМА І ВОЛЯ. Паводле паэмы Ўладзіміра Някляева "Турма"
15:43
ТУРМА І ВОЛЯ. Паводле паэмы Ўладзіміра Някляева "Турма"

  

     Ты хочешь знать, что делал я

     На воле? Жил - и жизнь моя

     Без этих трех блаженных дней

     Была б печальней и мрачней

     Бессильной старости твоей.

     Давным-давно задумал я

     Взглянуть на дальние поля,

     Узнать, прекрасна ли земля,

     Узнать, для воли иль тюрьмы

     На этот свет родимся мы.

               (М.Лермонтов, «Мцыри»)

 

У №55 часопіса "Дзеяслоў” выйшла паэма Уладзіміра Някляева «Турма», напісаная, як пазначана ў публікацыі, "25–31.12.2010, унутраная турма КДБ”.

Вось такім чынам бавіў беларускі паэт час ад каталіцкіх Калядаў да Новага года. Твор падкупляе найперш праўдай перажытага і магутнай энергетыкай, якая не часта з’яўляецца ў чалавека, якому за шэсцьдзесят. Яе быццам пісаў малады чалавек, самой прыродай заведзены на максімальнае дзеянне і барацьбу. Усе радкі паэмы – гэта змаганне з Турмой ва ўсіх магчымых яе праявах. Хаця Л. Талстой, калі быў пад хатнім арыштам у Яснай Паляне пасля вядомага ліста "Цару і яго памочнікам”, ледзьве не скардзіўся на тое, што яго не пасадзілі ў турму. Бо турма для сумленнага чалавека (Талстога) была ў той цемрашальскі (як здавалася пісьменніку) час адзіным для яго прымальным месцам. Ён хацеў пацярпець не менш, чым церпіць Воля ў яго краіне. Праўда, як паказалі далейшыя рэвалюцыйныя падзеі, змаганне за Волю і перамога, калі гэта адбываецца гвалтоўна, часам прыводзіць да яшчэ горшай Турмы.

Уладзімір Някляеў падышоў да паэмы не плоска, не спрошчана, не прамалінейна. Гэта не крык зняволенага "Адчыніце, сякія вы і такія!”, гэта са скразной ідэяй шматпластовы твор.

Але найперш – пра рытмічную структуру паэмы. Я нездарма узяў для артыкула цытату з велічнай паэмы М. Лермантава. Думаю, і Някляеў невыпадкова выбраў гэты гераічны, драматычны, энергетычны рытмічны строй. Бо хто хоць раз чытаў паэму "Мцыры”, у таго гэтая рытміка нязменна будзе асацыявацца з Воляй, дакладней, з барацьбой чалавечай душы за яе.

Пазбягаючы адналінейнасці, Някляеў, на маю думку, занадта ўскладніў вобразнасць паэмы. А яе шматсэнсавасць таксама не будзе напоўніцу зразумелая простаму чытачу. Аднак, адчуваецца, калі паэму чытаць услых, то яна, дзякуючы энергетыцы, прасякне любое, нават самае закамянелае сэрца. Мабыць, твор і прызначаны для чытання з высокіх трыбун. Толькі дзе тыя трыбуны?..

 

Турма ў турме – і воля ў ёй.

Усе за кратамі ў краіне,

Дзе дух крывіцкі нема гіне,

Разняты з моваю сваёй.

 

Вышэй я працытаваў адно з самых зразумелых і адначасова самых пранікнёных месцаў паэмы. І калі б яна была напісана ўся ў такім стылі, то яе смела можна было б параўноўваць з лермантаўскім шэдэўрам.

Што гаворыцца ў гэтых чатырох радках? Здавалася б, кожны зразумее: дух наш беларускі нацыянальны не можа выбіцца з-пад кратаў агульнага рускамоўя і прасавецкай ідэалогіі. Аднак – не толькі гэта. Радок "Турма ў турме – і воля ў ёй” можна чытаць па-рознаму. Першы варыянт: душа, якая і на волі ў турме, пасаджана ў турму; і адначасова у турме – прага волі. А другі варыянт: душа, вырываючыся на волю з вязніц сваіх забабонаў, можа нават у турме нарадзіць для сябе волю.

Прычым апошні варыянт выглядае для мяне якраз і сэнсавым стрыжнем паэмы. Бо пры канцы, ад "кахання” з Турмой, паэт нараджае волю.

 

Ах, воля, воля! Што хацець,

Апроч цябе?.. Дальбог, нічога!

Калі ты не са мной – дарога

Ёсць да цябе, якой іду.

 

Літаральна на працягу ўсёй паэмы У.Някляеў вобразна даводзіць чытачу, што не трэба прымітыўна, выключна ў палітычным плане, на канкрэтным яго прыкладзе разумець імкненне лірычнага героя да волі. Воля – паняцце тут надзвычай шырокае. Гэта стан душы. Паэт і ў турме можа аказацца не скораным, вольным, нават вальнейшым, чым на свежым паветры без кратаў і ланцугоў. Большасці ж насельніцтва нашай краіны воля і не патрэбная зусім, бо яны баяцца выйсці на тую волю з вязніцы сваёй душы, і гатовыя ахвяраваць сваёй воляй дзеля спакою і адноснага дабрабыту. Або для таго, каб не было яшчэ горай. (Каб нехта ўзяў на сябе адказнасць за нас.) У главе "Вялікі Інквізітар” Ф. Дастаеўскага з рамана "Браты Карамазавы” выразна апісаны стан душы простага абывацеля. Яму свабода і воля – што ў хаце пажар.

Да волі трэба дарасці і саспець унутрана, каб яе атрымаць вонкава. Людзі ў адносна вольных краінах выціскалі з сябе рабоў стагоддзямі. А самая вольная краіна сусвету – ЗША сталася такой менавіта таму, што Амерыку ў свой час паплылі пакараць самыя вольналюбівыя і смелыя людзі. Там моцны генафонд адпачатку, які, праўда, цяпер усё больш і больш псуецца крывёй рабскіх народаў свету. Але парадокс: у самай вольналюбівай краіне – дыктатура самага жорсткага ў свеце закона. Што яшчэ раз сведчыць пра выключную слушнасць стрыжнявой думкі паэмы "Турма” – будзь вольны духам, будзь вольны ад подласці, злачынства і здрады і г.д.

Някляеў у паэме вядзе ў літаральным сэнсе дыялог з Турмой як з жывой істотаю. На фоне дыялога лірычнага героя з Богам гэта наводзіць на паралель – Турма ёсць сам сатана. Таму "каханне” паэта з Турмой, якое ўрэшце завяршаецца народзінамі Волі, выглядае трохі пачварна. І таму гэтае "каханне” можна пісаць адно ў двукоссі. Насамрэч жа "каханне” ёсць барацьба з д’яблам, які хоча зняволіць душу кожнага чалавека.

 

"Ты будзь маім, маім, маім,

Са мной адзінаю, адным...” –

шыпела голасам змяіным

Турма...

 

Цягам паэмы паэт праколвае Турму ў абліччы змяі дзідаю, а яна ажывае і трансфармуецца ў вобраз каханай. Такая вось складаная філасофія. Якая, на маю думку, гаворыць пра тое, што Турму нельга проста закалоць, яе можна толькі адолець, увайшоўшы ў яе (як паэт – за краты) і "пакахаўшыся” з ёю. І тады толькі, праз пакуты, дасягнуўшы пякельнага дна, калі дух твой не зламаны, ты можаш прыдбаць жаданую Волю. Яна, як у паэме, будзе народжана ад гэтых зносінаў.

 

Цытуем Лермантава:

 

     Бежал я долго - где, куда?

     Не знаю! ни одна звезда

     Не озаряла трудный путь.

     Мне было весело вдохнуть

     В мою измученную грудь

     Ночную свежесть тех лесов,

     И только! Много я часов

     Бежал, и наконец, устав,

     Прилег между высоких трав;

 

А затым – Някляева:

 

О, Божа! Толькі аднаму

Табе

магу сказаць такое!

Народу – нельга! Ён – святое!

Яго нічым не зачапі!..

 

– Як хочаш піць – бяры і пі,

Іначай смагу не спатоліш, –

Той голас доўжыў. – Так і з воляй!.

Як хочаш волі, дык бяры

Яе аберуч! І памры...

 

Параўнальны аналіз абедзвюх паэм (а ў дадзеным выпадку – характэрных урыўкаў) указвае мне на тое, што ў Лермантава значна лягчэйшы, больш велічны і адначасова больш просты, даходлівы "слог”. Яму не трэба расстаўляць акцэнты, дзелячы радкі, ствараючы радок з аднаго–двух слоў. У Някляева, нягледзячы на магутную энергетыку тэксту, часам залішне сумбуру, лагічных хібаў, што тармозіць чытацкае ўспрыманне. Напрыклад, што такое "Народу – нельга! Ён – святое!” – пагадзіцеся, нейкі найграны пафас у звароце да таго народа, які ў сваёй большасці або співаецца, або глядзіць вечаровыя "службы” па тэлевізары. Паэт, мабыць, і верыць у народ, але – у нейкі ідэальны, у будучы народ. Нават нашу беларускамоўную інтэлігенцыю "святой” ніяк нельга назваць, усе чалавечыя заганы, ад крывадушнасці да сквапнасці, ёй уласцівыя. Мелодыка ў "Мцыры” ліецца, лагодзіць вуха, як бы змякчае трагізм тэмы. У Някляева яна рваная. У Лермантава паэма сюжэтная – і ад таго лёгка чытаецца. У Някляева яна, паэма, філасофская – і ад таго там зашмат цьмянасцяў і паўтарэнняў аднаго і таго ж. "Мцыры” можна чытаць абсалютна без прывязкі да часу, да палітычнай сітуацыі і канкрэтнага народа, а "Турму” іншы народ і напалову не зразумее, а праз вякі – пагатоў. Нягледзячы на тое, што тэму вечную Някляеў уздымае да самавітых вышынь. І ўсё ж, чытаючы паэму, без "падаплёкі” не абысціся. Вось істотная розніца абодвух таленавітых і пафасных твораў. Шматпластовасць і складанасць вобразнасці – далёка не заўсёды перамагаюць. Бо адпачаткавая мэта паэзіі была – каб яе лёгка запаміналі непісьменныя і перадавалі з вуснаў у вусны.

Але ўсё гэта выглядае неістотным у святле таго, што ў беларускай літаратуры паэмы такой энергетыкі і такога агульначалавечага пафасу, а таксама непрыхаванага нацыянальнага болю, а таксама такой мастацкай моцы – яшчэ не было.

Завяршыць артыкул проста-такі цягне канчаткам самой паэмы, адным з самых моцных яе месцаў:

 

Вы ў садзе камянёў маглі

Ляжаць – ды воля на зямлі

Альбо свая, альбо чужая!..

Яна ў вязніцы выжывае

У гэтым краі страт і скрух,

Але расце, але мужае,

І разам з ёй мужае дух,

Якому толькі воля трэба –

Нічога болей!..

 

Гэты дым,

Які чапляецца за неба

І растае высока ў ім...

 

 

Прикрепления: Картинка 1 · Картинка 2
Просмотров: 732 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Февраль 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
272829

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2017