Сайт Міхася Южыка Понедельник, 18.12.2017, 17:50
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 85

» Форма входа

Главная » 2011 » Декабрь » 18 » Вершы (восень 2011)
15:56
Вершы (восень 2011)

* * *
Паэт ён і ёсць паэт,
пасланнік зімы і лета,
ён носіць інакшы свет –
і скончыць бы сказ на гэтым.
 
Але ж непакой наўкол:
усіх ён сабой турбуе –
і ногі кладзе на стол,
не там і не з той начуе.

"Халера яго бяры,
дастаў! – пра яго гавораць, –
Як доўга ён нас дурыць
сабраўся, на розум хворы!”
 
Паэта лавілі ўсе,
каб вывучыўся манерам.
А ён – то засне ў расе,
то знікне ў сваіх хімерах.
 
Начамі трывожыць люд,
раве, забіяка кляты,
няскораны баламут,
няголены і памяты.
 
Няўлоўны, як тая здань,
у побыце невыносны,
сыходзіць у свой туман,
затым вечаруе ў вёснах.
 
А словы яго ляцяць
і селяцца ў душах рэдкіх –
дзе сэрцы яшчэ не спяць
і ў венах бушуюць рэкі.
 
Паэт, ён і ёсць паэт,
пасланнік зімы і лета,
ён знае інакшы свет –
і скончым цяпер на гэтым.

 

 

 

* * *
Два сэрцы б’юцца ўразнабой,
калі яны далёка.
Іх прызямляе непакой,
ім не ўзляцець высока.
 
Навокал іх жыццё ідзе
тужліва, некранальна.
А побыт цвеліцца з надзей
мацёра і банальна.
 
Але іх летуценны сон,
бывае, спраўдзіць ява –
і тут два сэрцы ва ўнісон
як замалоцяць жвава!
 
І гэта згоднае зліццё
зыначвае ваколле.
Аб сэрцаў лучнае біццё
ламаюцца нядолі.

 

Матулі
(сёння маме маёй 73, шосты год комы...)
 
У ланцуговай працягласці дзён
будзеш ты з намі
перад маўклівым паглядам ікон,
мілая мама.
 
Колькі ж цяжару панесла ў жыцці! –
і анямела.
Божа, памілуй яе, адпусці –
лёгкай і белай.
 
Здужаем, любая, лёсу навал –
ты гартавала.
...Шчырай любові табе аддаваў
скупа і мала.
 
Здзейсніцца ўсё не законам людскім –
воляю Божай:
як і куды… паляцець ці пайсці
з гэтага ложа...

 

 

* * *
 
Хочацца сном зрабіць яву,
яву ж – у сон перайначыць,
каб ты глядзела ласкава,
без меланхоліі плачу.
 
Гэта магчыма, канешне,
спраўдзіць праз моцную веру,
хоць непазбыўна я грэшны,
хоць і не варты даверу.
 
Вер, тым не менш, я здалею
перакуліць час застылы
і у далонях сагрэю
твар твой халодны і мілы.
 
І пацяплеюць павекі,
шчасна расплюшчацца вочы,
будуць артэрыяў рэкі
грэць сілуэт твой дзявочы.
 
Хочацца бачыць бясконца
бег твой імклівы па травах
там, дзе паўдзённае сонца
з неба струменіць ласкава.
 
Хочацца бачыць усмешку,
што гарманіруе з летам...
Вера не ведае межаў,
веру, што спраўдзіцца гэта.

 

 

* * *
 
Шчасныя тыя, хто ведае,
як жыць, куды і калі.
Лёс утаймоўвае бедамі
гонар на гэтай зямлі.
 
Шчасныя тыя, хто скураю
тоўстай надзелены быў,
той, хто часінай мінулаю
лёгка і радасна жыў.
 
Некаму ж трэба рухомае –
бегчы, тварыць і ламаць.
Разам з напалеонамі
мчыцца нястомная раць.
 
Там, дзе баі несупынныя –
ношу такую цягнуць
волаты могуць былінныя,
нам жа да іх не дапнуць.
 
Мы балансуем па-хітраму:
рушым наперад-назад,
цягнем гарэлачку літрамі –
так, што ў вачах зарапад.
 
Нашы баі больш уяўныя,
лаем на кухнях усіх
тых, што нам шкодзіць старанныя,
тых, чый адключаны слых.
 
Дзе вы, былінныя волаты,
што падымалі каня?
Дзідамі, мабыць, праколаты,
спяць, а над імі – зямля.

 

 

* * *
 
Сонейка ранняе свеціць,
ветрык цярэбіць траву.
Побач гарэзуюць дзеці...
Лягу і мірна засну.
 
Сніць буду гэтае ж неба,
сонца і тую ж траву,
важную ў некім патрэбу,
ясную мне аднаму.
 
Ранак і поўдзень праходзяць,
вечар імкне наўздагон,
сонца паволі заходзіць,
праўдзячы вечны закон.
 
Выспаўся. Позірк па зорках
ціха блукае ўначы.
Сэрца завабліва-горка
стукне і доўга маўчыць.
 
Нібы яно ўспамінае
воч непаўторны блакіт,
непераможнага мая
у дзьмухаўцах краявід
 
Нават у доўгім маўчанні
сэрца свавольнага мне
бачыцца свежае ранне,
блікі на роснай траве.

 

 

* * *
 
Стаць святлей і лагодней
у прадоннях душы
можа толькі з нагоды,
калі льюцца дажджы,
калі свет наступае
на цябе як Малох,
калі сэрца сціскае
так, што лепш бы падох.
І тады з нетраў цёмных
выступаюць агні –
узгарэцца нязломна,
асвятліць твае дні.
Іх склікаюць малітвы
на змаганне з пустой
непрагляднасцю. Бітвы
тады носіш з сабой.
Нешта цягне залегчы
і ніколі не ўстаць,
нехта кліча пабегчы,
каб і жыць і кахаць,
Выбар будзе адзіны:
волю сцісні, хрыпі,
ды Збавіцеля імя
паўтарай і заві.
Непрагляднасць адступіць,
як адолееш страх,
і нішто не астудзіць
дзве іскрынкі ў вачах.

 

 

 

* * *
 
Гулялі сялом вяселле,
дзе сонца на ўсіх адно.
У смак і пілі і елі,
ды скончылася віно.
 
І Маці сказала сумна:
"Віна на стале няма…”
Ісус паглядзеў раздумна,
пасунуўся ад стала.
 
"Не час яшчэ, рана, рана!" –
сумнеў прыпыняў Яго.
Ды вельмі хацела Мама,
каб ладам усё было.
 
Пакласці пачатак цудам
прыйшлося Яму тады.
Падумаў: "Ствараць ім буду
віно з найпустой вады”.
 
"Наліце ў збаны да верху
ваду, і – за стол гасцям!”
– сказаў; паляцела рэха
дрыготкае ў Новы Храм.
 
Дзівіліся ўсе: такое
адкуль жа віно знайшлі?
Памкнуліся думкі роем
па гэтай святой зямлі.
 
Тым часам жа распарадчык
цішком жаніху казаў:
"Такое віно – астачай?!” –
дзівіўся і папракаў.

Хто ж мог Першы цуд уведаць
скрозь п’яную каламуць…
Бясконцыя цуды следам
у Вечнае пацякуць.

 

 

* * *
Прымірыцца з сусветам,
жыць травой і вадой –
маеш права на гэта,
толькі выйдзе застой.
Толькі будзе балота
з пахам гнілі і тла.
Хоць і знікла самота,
ды свабода сышла.
Вось такая няпраўда
ў прымірэнні з усім.
Што чакаць зарападу
ў небе цьмяным пустым?
А таму намагацца
свет зыначыць – не грэх.
Гэта вечная праца
адным дурням на смех.
Розум прагу спатоліць
толькі ў пошуках і
ў разарваным палоне
ўсеахопнай зімы.

 

 

* * *
Да часу дажыць такога,
каб лётаючы спяваць...
Хто ж хоча сабе ліхога?
Хто хоча адвечна спаць?
 
Жадаем найболей прагна
таго, што далей ляжыць.
І думаем: побач багна,
а ў далечы шчасцю быць.
 
Яно то ўсё так, канешне –
адолець складаны шлях,
парваць ланцугі і межы,
крылаты адчуць размах...
 
Дарога таму дарога,
што доўга па ёй ісці
да шчасця, якога многа
не можа быць у жыцці.
 
І ўсё ж нехта звышупарты
ідзе не ўшыркі, а ўглыб,
як вучань за школьнай партай,
грызе горкіх ведаў грыб.
 
Атруціцца зрэдку грыбам,
часцей – дагрызе яго,
спазнае згрызотаў хібы,
параніўшы ўшчэнт нутро.
 
Ляжыць ён, сядзіць ці скача,
а можа, ідзе куды –
аб шчасці цяпер не плача,
не просіць жывой вады.
 
Жыве ён таемствам нетры,
якую ў сабе спазнаў.
Растуць там дубы і кедры
у водарах боскіх траў.

 

 

       Сіцылія

 

Мрою даўно ідылію,

як голас скрозь немату –

у сэрцы жыве Сіцылія,

над морам сады цвітуць.

 

Бурштынавым ясным раннем

спускаемся мы на пляж...

Сіцылія – як каханне,

як радасць і як міраж.

 

Парой непагоднай стылаю

скрозь слоту і вокнаў муць

прымройваецца Сіцылія,

духмяна сады цвітуць.

 

Здзяйсненне надзей, прыстанак

для збеглых ад стюж людзей –

Сіцыліі ясны ранак,

калісьці і нас сагрэй.

 

Бяжыць за табою, мілая,

блік сонечны па пяску...

Над намі вісіць Сіцылія,

развейвае ўраз імглу.

 

Накочваюць хвалі плаўна

на бераг, цёплы такі.

Мы некалі ўсё ж праславім

Сіцыліі берагі!..

Просмотров: 557 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Декабрь 2011  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2017