Сайт Міхася Южыка Пятница, 20.10.2017, 00:37
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 84

» Форма входа

Главная » 2011 » Сентябрь » 9 » Вершы (лета 2011)
11:38
Вершы (лета 2011)

* * *

Узяць аловак і паперу,

пусціць таропкія радкі,

глядзець, як чорнае на белым

стварае дзіўныя штрыхі.

 

Уся знявечаная праўда

і недабітая хлусня

зліюцца буйным вадаспадам,

які пабачыце здаля.

 

Шуміць ён, падаючы долу,

ды так шуміць, што не расчуць

усіх адценняў праўды новай,

хлусні заўсёднай каламуць.

 

Падоўгу стоячы, глядзеў я

на таямнічы вадаспад,

і бачыў чорнае на белым,

і затуманьваўся пагляд.

 

А літары гурмой скакалі

і ападалі з вышыні

на неразведаныя далі,

у незапоўненыя дні.

 

 

 

 

* * *

Свядомасць будуе сцены,

каб выжыць каторы раз.

На гладзі жыццёвай сцэны

застыў у чаканні Час.

 

Свядомасць хітруе часта

і хлусіць сама сабе –

ну проста каб захавацца,

не зраніцца ў барацьбе.

 

Яна на паддашак пхае

ўсё тое, што шалупонь.

Яна ноч на дзень мяняе,

распальваючы агонь.

 

Свядомасць нятленным скарбам

даецца за проста так,

яна – незлічонасць фарбаў,

а разам з тым і мастак.

 

Скарбонка шматлікіх сэнсаў,

бязмежнасць сама ў сабе,

пад цяжкім жыццёвым прэсам

яна да канца жыве.

 

А потым перажывае

і цела, смерці дзень.

Бязважкая, адлятае

туды, дзе яе Агмень.

 

 

 

* * *
Жыццё – не гульня, жыццё – дачыненні,
стасункі, ці зносіны (як назавуць),
дзе часта адзін аднаго на калені
паставіць гатовы ў брудотную муць.

Стасункі нярэдка бываюць такімі,
дзе роўна на ўсіх і на ўсё мы глядзім.
З адкрытай пагардаю сочым за тымі,
што гойсаюць побач (хай зніклі б зусім!).

І ўсё ж не так часта (але не так рэдка!)
счарсцвелае быццам бы сэрца сваё
мы некаму некалі пышнаю кветкай
працягваем і задарма аддаём.

 

* * *
Прыйсці, убачыць і адужаць –
няскораных дэвіз.
Калі вакол шалее сцюжа
і горада абрыс
ледзь мроіцца ў завейных хвалях,
хвастае вецер твар,
яны, упартыя, не ўпалі
ў раз’юшаны кашмар.
Прадзерліся, зламалі браму –
за брамай… пустата;
там без людзей, дамоў і храмаў –
сняжыстая нуда.
Але праз дзень агні палалі,
увысь раслі дамы,
і хутка льды параставалі
ў сярэдзіне зімы.

 

* * *
Мазгі не накорміш халявай –
яны пратэстуюць і б’юць,
хістаюць улева і ўправа,
настрой непапраўна псуюць.

Мысляр не сілкуецца харчам,
якім абывацель жыве –
гамонкай сямейнай на дачы,
расой у мурожнай траве.

Абноўкай, машынай, кватэрай
яго не суцешыць жыццё.
За вокнамі ўсё адно шэрань,
калі зелянее лісцё.

Такі ён, бурклівы мысліцель,
цяжкі для сям’і ды сяброў.
Душы сваёй люты мучыцель,
стваральнік сусветных асноў.

Закінуць бы ссохлыя догмы
ды босым па лузе прайсці,
а потым, ад ліўня намоклым,
да вёскі між вербаў брысці.

Аднак хітры мозг не падманеш,
ён прагне матэрый такіх,
за грошы якіх не дастанеш,
не зловіш у думках чужых.

Ён, вечны пакутнік заблудны,
ідзе летуценнай хадой
без сцежак, па восеньскім брудзе,
з паніклай да плеч галавой.

 

* * *

Мінулае згортвай у кропку,

і будучыні – няма.

Кіруйся хвілінай таропкай,

хвіліна падкажа сама,

як мысліць і дзейнічаць трэба,

куды павярнуць і калі,

каб зведаць надзённага хлеба,

каб годна ступаць па зямлі.

У гэтым мізэрным адрэзку

стагоддзі сышліся, стаяць…

Пад імі пашчоўкваюць трэскі,

над імі сузор’і вісяць.

Хвіліна, як вечнасць, абдыме

душу, што змарылася ўся,

натхніць і на крылах узніме,

адчыніць касмічны прасцяг.

Ты толькі не здраджвай хвілінцы,

адзінай між тоўшчы вякоў.

Яна твайго лёсу крыніца,

яна жыццядайная кроў.

Вы рушыце ў шчыльных абдоймах

наперад праз росны прастор,

дзе нізкія сцелюцца промні

ад сонца, што свеціць з-за гор.

Там стане няпэўнае ясным,

прасветліцца пройдзены шлях.

Мінулае будзе сучасным,

імклівым, бы крылаў узмах.

 

Мінулае згортвай у кропку,

і будучыні – няма.

Даверся хвіліне таропкай,

хвіліна скіруе сама.

 

 

* * *

Прачынаешся, прачынаешся –

і глядзіш па баках, як дзіцё.

У дарогу быццам збіраешся

кожны дзень, дзе па-новаму ўсё.

 

Паўтараешся толькі ў лепеце

перад россыпам таямніц.

Сонца ў сіні паважным лебедзем

над табой за дзень праляціць.

 

 

 

З усіх нездавальненняў цьмяна-шэрых

адна незадаволенасць сабой

смыліць і надакучвае без меры,

і развінае роздумаў сувой.

(М.Южык)

 

* * *

Ганяю сваіх тараканаў

(як гэта няпроста парой!) –

псавальнікаў добрага стану,

калі не ў лагодзе з сабой.

 

Жывуць яны чэпка, пачвары,

хаваюць мой твар ад людзей;

замест яго – дзікія твары

і процьма агідных падзей.

 

Здараецца часам такое,

што сорамна, страшна сябе.

Але – гэта полчышча злое

пачвар у маёй галаве.

 

Не я гэта, верце! Спрабую

іх выгнаць паганай мятлой.

(Мо нейк у галоўку чужую

заскочуць і знойдуць спакой?)

 

Ды не! Калі гоніш праз дзверы –

праз шчыліны лезуць назад.

І чэрапа поўняць памеры,

і дружна жывуць з гадам гад.

 

Аднак я пароды зацятай,

да скону іх буду ганяць

праз церні, нягоды і страты.

(Надзею навошта губляць.)

 

* * *
Ёсць крылы для ўзлёту і для падзення,
ёсць белыя, чорныя крылы,
для дэградацыі і навучэння,
для немачы і для сілы.


Нішто не бывае адмоўным дарэшты,
і цалкам станоўчым – нічога.
Расставіць акцэнты і строгія межы
віхлястая наша Дарога.


Казаць, што шчаслівы і тым ганарыцца –
наіўна, бо спосаб схаваны,
якім паміраем хто ў сто, а хто ў трыццаць
таемным наканаваннем.


Ёсць крылы для ўзлёту, яны зіхатліва,
далёка і радасна бачны.
Ёсць крылы – чарнеюць як зеўра магілы,
дзе вербы схілёныя плачуць.


Туманам зацягнуты ўсе пуцявіны,
і выбар наш быццам – уяўны.
Але патаемна чакаем хвіліны –
узняцца шчасліва і плаўна.

Просмотров: 500 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Сентябрь 2011  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2017