Сайт Міхася Южыка Пятница, 19.04.2024, 14:24
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2010 » Декабрь » 10 » Лірыка (восень 2010)
19:32
Лірыка (восень 2010)

* * *

Чакаю зіму, калі снегам чысцюткім
пакрыюцца раптам двары,
калі завіруха парывам магутным
наведае садзік стары.

Я буду глядзець на стварэнне рэалій
найноўшых і змоўкну на міг.
Адкрыюцца зроку раскошныя далі,
і ўловіць дзівоснае слых.

Чакаю зіму. Не слату і бясснежжа,
а гурбы па першы паверх,
такіх маразоў, што бязлітасна рэжуць
і колюць праз футравы мех.

Пад снегам паснуць застарэлыя крыўды,
каб змыцца вясновай вадой.
Пры снезе мякчэй і танчэй краявіды
і тварык дзяўчынкі адной.

Мы будзем цяпло ашчаджаць па крупінках
і будзем яго раздаваць
так шчодра, як неба ссыпае сняжынкі
ў бяздонную горада кадзь.

Чакаю зіму, што заносіць сцяжыны,
малюе нанова сляды. 
Балючых узгадак панурыя спіны
запырскае снег малады.


* * *

Бывае, лісцік мільгане
за шыбай трэцяга паверха –
і саўгануцца на стале
паперы ў неймаверны вэрхал.

Успомніцца да ўсіх драбніц
ранейшай восені прытулак:
трамвай між жоўтых камяніц
нырае ў вузенькі завулак.

На тым прыпынку мілы дом
трохпавярховы паваенны.
(Мінулым годам ён на злом
пайшоў. Такія перамены...)

Але пад яварам стаяць
дагэтуль нашыя фантомы,
дагэтуль сіляцца абняць
сваё каханне ў ціхай стоме.

Яго, вядома ж, назаўжды
мы не ўтрымалі, не спынілі –
як плыні свіслацкай вады,
як ластавак імклівых крылле...

Жывём сваім календаром,
гады сцякаюць ціхай сапай.
І толькі восенню ў наём
бяром мінулае за лапу.

Лістком апалым успамін
яднае светлыя жаданні –
на міг. І зноў жыццёвы млын
здрабняе шпарка нашы здані.


* * *

Вяз, рэдкі госць на вуліцах,
голле сваё раскінуў.
Стаіць пад дажджамі курыцай
гэты лясны асілак.

Аранжавыя, салатава-жоўтыя,
лісткі яго вецер трэпле,
збівае на трасу мокрую
пад шыны, што фыркаюць вепрам.

Нашто ён тут нарадзіўся,
дзе пахне бензінам і газам,
дзе ўвосень і ўзімку лысыя
ўсе дрэвы абапал трасы?

Ялінаў і соснаў дзе ўжо тут
заўважыць яго пагляду!
Яны цяпер, незалежныя,
у лесе бясконцым радам.

І вечна яны зялёныя
(нават пад тоўшчай снегу).
А вяз скрозь макрэдзь замглёную
не бачыць аблокаў бегу.

Толькі машыны носяцца
і шаркаюць пешаходы,
кідаюць позіркі косыя
ў ра’зюшанасць непагоды.

Не ўспомніць ніхто з прабеглых,
пад асірочаным вязам,
як файна бетон і цэглу
прыгожыў ён летнім часам,

як лезлі пад шаты шчодрыя,
хаваючыся ад ліўня,
як моц і краса прыродная
нас да яго маніла.

Ды неяк перазімуецца –
усякія зімы ён ведаў...
Квяціста-зялёнай вуліцай
прамчацца вясна і лета.


* * *

Клімат такая штука:
мы пра яго гаворым,
калі ў душы разлука
з сонцам і сінім морам.

Сонца калі абрыдне
стойкай сваёй спякотай –
прагнем халодных ліўняў,
восеньскай шэрай слоты.

Зімаў бясснежжа цісне,
жывіць тугу, маркоту –
хочацца снежных пырскаў,
срэбра і пазалоты.

І маразы дастануць,
тыя, што дваццаць рысак
лёгка перасягаюць;
тыя, што ломяць пысы.

Нават вясна, і тая,
позна калі прыходзіць,
вечна нас раздражняе,
вечна ў маркоту ўводзіць.

Ды ці бывае добра
меланхалічнай нэндзе?..
Вось аптыміст у торбу
пляшкі піўныя месціць.


* * *

Як святло ліхтароў кладзецца
на сумёты між хмызняку –
трапятлівае б’ецца сэрца,
паскарае крыві раку.

...Зімы падалі на асфальты,
на граніты і на ваду,
перакройвалі Мінска карту,
запаўняючы пустату.

Зімы падалі і мяшалі
фарбы горада ў малацэ.
Мы з табою тады спяшалі
на каньках па пустой рацэ.

Ясна помню агні і далі,
дотык вуснаў і валасоў.
Мы пад снегам тады схавалі
той зімы трапяткой назоў.

Вечары надыходзяць хутка,
ажыўляюцца ліхтары.
У акне ад марозу мутным
зорка ёлачная гарыць.


* * * 

Кветкамі двор твой усыпаны.
Ну а на лаўцы кабеты
пад высачэзнаю ліпаю
дзеляць міжсобку сакрэты.

Травень. Натхнення і злагады,
зачараванасці месяц
лёг аксамітнымі травамі,
душы шчымлівыя лечыць.

Стоячы ціха за дрэвамі,
што гэты двор атачаюць,
чую мелодыю крэўную,
бачу найсветлыя далі.

Выйдзеш з пад’езда імкліваю,
лёгкай і пругкай хадою.
Дзверы хвілінку парыпаюць
на развітанне з табою.

Дзе мы нарэшце спаткаемся,
дзе, на якім раздарожжы?
Дзе мае сумныя запісы
ты расчытаеш прыгожа?

Сонца гарэзна высвечвае 
цела ў блакітным адзенні.
Дворык, сцяжынай рассечаны,
перабягаеш імгненна.

Позіркам, стоеным позіркам
жвавую постаць праводжу.
...Цяжка ў кватэру марозную
я праз гадзіну заходжу.

Аркуш. І свечка запалена.
Хутка адтане кватэра.
Словы вагаюцца шалямі.
Блікі снуюць па шпалерах.

...Сню пад гадзінніка ціканне:
двор напярэдадні лета,
постаць пад цёмнаю ліпаю
між палымнеючых кветак.


* * *

Цені хвояў паляну накрылі.
Рыжы плёс. І сляды на пяску.
Белых чаек няўтомныя крылы
разам з ветрам трывожаць раку.

За аблокамі сонца схавае 
свае промні, каб даць нам астыць.
І пад намі вада, як жывая,
будзе мерна ў Бярэзіну плыць.

Плёс шырокі, дзе Сінька і Свіслач,
аб’яднаўшы дзве плыні ў адну,
кіламетраў не меней за трыццаць
калыханку пяюць гушчару.

Вечны плёс. Ён ад сонца рудзее.
У вадзе пад схілёнай вярбой
целы рыбак луской палымнеюць
загараючыся ў разнабой.

...На пяску вечаруем ля вудаў.
Сонца ледзь пранікае скрозь лес.
І чакаем апошняга цуду,
покуль дзень канчаткова не счэз.


* * *

Вокны ўспыхваюць. Вечарэе.
Таямнічы мікрараён
накрывае крылом завея,
навявае паўночны сон.

Снежню ўвогуле характэрна:
мала сонца і шмат снягоў.
Выліваецца непамерна
на зямлю ледзяная кроў.

І дамы караблямі ў спудзе
між сумётавых хваль плывуць.
Па каютах – жывыя людзі,
ім не хочацца патануць.

Хто кіруе такой эскадрай
ва ўскалмачанай белізне?
Адмірал над таемнай картай
ноч цалюткую не засне.

Беспарадкава гаснуць вокны,
загараюцца зноў яны.
Пад вятроў несціханы рокат
адплываюць у ноч дамы.


* * *

Аднойчы вецер прашаптаў:
"Ляці і будзь свабодны –
у край непатаптаных траў
і грэчкавага мёду.

Ляці са мной, бо халады
зямлю спустошаць вашу.
Згалеюць дрэвы і кусты,
заледзянеюць пашы.

У краі тым, куды вяду
я птушак паднябесных,
ручай насвіствае ў дуду
ў зачараваным лесе.

Ляці са мной, бо стылы лёд
скуе твае жаданні.
А я дару духмяны мёд
і сонечнае ранне...”

Я ветру веры не даваў,
прачнуўшыся на золку.
І бег у восеньскі правал,
распырскваў льду асколкі.

І клаўся зазімак тады
гаючы і празрысты
на ўсе пражытыя гады
і стрэсенае лісце.


* * *

Каштаны і клёны пад сонцам халодным
гараць размаітымі фарбамі лісця,
гараць перад самым зімы надыходам,
каб згаснуць бяздымна ў паветры празрыстым.

Ідзём па лістоце застуджаным скверам,
сплятаючы пальцы памкненнем адзіным.
Алея сыходзіць у вечара шэрань –
туды, дзе стаіўся ставок лебядзіны.

Няма тут прахожых і летняга тлуму.
Стаім удваіх перад роўняддзю цёмнай.
І вецер калыша таполі раздумна,
страсае лістоту з зажураных кронаў.

Прыснулі лябёдка і лебедзь у доме,
пад ніцай вярбой іх жытло ледзь заўважна,
як тая кватэрка ў мікрараёне –
гняздо невялікае цёплае наша.


* * *

Між балацін пятляла Случ
і гушчарамі.
Глядзела сонца з вышніх круч
парой за намі.

І плыў байдарак караван
у фарбах светлых
паўз лес і паплавоў дзірван
скрозь водар лета.

Зігзагі порсткія стракоз
і птушак спевы...
Ля леснічоўкі хісткі мост
ледзь ацалелы...

Да самай Прыпяці ў лясы
рака збягала,
іскрыстых бруяў валасы
нібы хавала.

Яна паказвала штодзень
свой нораў дзікі,
яна ірвалася пад цень
і ў сонца блікі.

Але як сотні ручаёў
і рэк Палесся
ўлілася ў хор сярод гаёў –
адзінай песняй.


* * *

Адолець пятнаццаць гадоў як адзін,
вярнуцца ў пачатак дарог,
каб змеем паветраным лёгкі ўспамін
ранейшую веру бярог.

Так школьнікі вераць у пространь жыцця,
якое адчыніцца ім,
дзе будзе натхняць і завабліваць сцяг
шматабацаннем крывым.

Адолець пятнаццаць гадоў і прыйсці
на дзіва сабе да таго,
што шолах начны ў прыбярэжным трысці
бывае важней усяго.

А важнае бурбалкай лопне пустой,
ідэі зляцяць са скалы,
нікчэмнае ўздыбіцца раптам гарой,
і стане асілкам малы.

...Як жыць без ідэі, на гэта ніхто
яшчэ не прыдумаў адказ.
І вешае старасць сваё паліто
на крук, дзе трымаецца час.


* * *

Сярод карцін звычайных і будзённых,
мне бачацца такія далягляды,
дзе ручаі цурчаць вясновым звонам,
гуляе вецер яблыневым садам.

Птушыны спеў натхняе шматгалоссем
людзей, што завіхаюцца паўсюдна.
І мочаць вербы ў рэках свае косы,
і рыбкі скачуць порстка з перапуду.

Смяюцца дзеці, і старыя ў змозе
яшчэ прайсціся з кошыкам па гаі.
Там маладыя сталі на парозе,
іх будучыня светлая чакае.

...Сярод карцін звычайных і будзённых,
мне бачыцца нянаская рэальнасць,
дакладней – нерэальнасць срэбразвоніць,
дакладней – паўстае іншарэальнасць.

У нас жа ўсё звычайна, па-зямному,
дабро і ліха ў проціборстве вечным,
дзе радасць, падыходзячы да дома,
ужо ўзваліла гора на заплечча.

У нас усё ў таемным беспарадку,
дзе не дапнеш да сэнсу аніколі.
У нас жыццё – бясконцая загадка,
дарога ў затуманенай юдолі.


* * *

Плакала восень дажджамі,
косымі, доўгімі, злымі.
Злымі сваімі слязамі
плакалі мы разам з імі.

Згадвалі пошумы ветру
ў стомленым спёкаю гаі,
згадвалі ранак прасветлы,
промні, што ў рэчку сігаюць.

Мроілі сетку сцяжынак
па касагорах і гонях,
шэрую хатку за тынам,
ліпу ў старэчым паклоне,

лодку ў затоцы цяністай,
дзе карасі раскашуюць,
вогнішча лёткія іскры,
што сярод ночы чаруюць.

Плакала восень аб леце,
плакалі мы шматгалоса...
Дама ў палярнай карэце
мчыцца сюды між таросаў.


* * *

Пачуць Цішыню як пачатак
на рысе жыццёвых шляхоў,
прыняць Цішыню як дадатак
бяссіллю, каб рухацца зноў.

Люстэркі ўпадуць на аскепкі.
Здаецца, не скласці вам іх.
І нехта заплюшчыць павекі
і выпусціць роспачны ўздых.

А нехта аскепкаў бязладдзе
з цярплівасцю будзе складаць –
за праўду люстэркавай гладзі,
за тое, каб лепшымі стаць.

І кіпень садоў, і завеі,
і восеньскіх фарбаў распад
у новых люстэрках сагрэюць
знявераных душ заняпад.

Глядзіце, яны адбіваць
шчаслівыя твары адны,
глядзіце, яны не згасаюць
у змроку вакольным начным!

У іх – Цішыня, што расчулі
нямногія стойкія з вас,
аб іх разбіваюцца кулі,
у іх разняволены час.


* * *

Дзеці гулялі на школьным двары,
галас іх чысты
поўніў ваколле, ад іх галубы
бегалі быстра.

Мамкі глядзелі сваіх пестуноў
і гаманілі.
Дрэвы скідалі апошнюю кроў
восеньскай былі.

З гэтымі дрэвамі, дзе скрозь галлё –
небныя далі,
мы назіралі, як рушыць жыццё.
Мы назіралі...

Бегалі мы роўна так, як цяпер
бегаюць дзеці.
Час, як нячулы паспешлівы звер,
нас не прыкмеціў.

Мамкі глядзелі нашчадкаў тады
ў ветраным пылу.
Несліся міма не дні, а гады.
Восень астыла.

Хутка асветліцца, зрэшты, наш двор
і заіскрыцца,
белымі хвалямі ў шэры прастор
снежань прымчыцца.


* * *

Сцюдзёныя рэкі ў кастрычнік цяклі,
дрыжэла зямля і па самыя вушы. 
нацягвала коўдру. Лісткоў караблі 
гайдаліся ў водах, як ззяблыя душы.

Нялёгкая доля – глядзецца ў раку,
празрыстую ўвосень, і бачыць каменне,
якое на дне, да якога руку,
працягнеш, здавалася б, як да збавення.

Улетку не бачныя нам камяні,
што ціха па дне перакочвае рэчка.
Улетку галосяць птушыныя дні,
і коцяцца воблачкі статкам авечым.

Узімку не згледзіш падводных глыбінь,
што восень раздумная нам паказала.
Там будзе ўладарыць прывычная стынь,
там будзе пустая і цёмная зала.

Глядзімся, глядзімся ў чаканні снягоў
у рэкі празрыстыя і засынаем...
Цячэнне сплаўляе чароды лісткоў
па люстры сцюдзёным пад сцішаным гаем.



Мышынае войска

Па вуліцы гулка трамваі паўзуць,
дамы затаіліся ў вечара цішы –
дамы, дзе з людзьмі патаемна жывуць
увішныя хітрыя шэрыя мышы.

Мышамі прасякнуты шчыліны ўсе,
падвалы і схованкі зведаны імі.
Гавораць, адзін гэткі дом апусцеў
і болей нікога пад дах свой не прыме.

Трамваі паўзуць міма вокнаў яго,
у іх вечарамі шматлюдна і шумна.
А дом захінула паўцемры крыло,
глядзяць яго вокны пустэльна і сумна.

Мышыны кароль там праводзіць агляд
мышынага войска, што хутка пакіне
пустыя пакоі і пусціцца ў сад –
нячутным патокам па вузкай сцяжыне.

Запоўніць мышынае войска квартал –
жыллё, гаражы, прыбудовы і крамы.
А дом, што з даўнейшых часоў пуставаў,
апусціцца ноччу ў дажджы і туманы.


* * *

Хутка скоціцца ў горад
ледзяная лавіна вятроў.
Прынакрыецца холад
шчодрай коўдрай пухнатых снягоў.

Мы стаім: твар да ветру,
пэўна зможам пад ім устаяць.
Ён ляцеў кіламетры,
каб лістоту ў шматкі разарваць.

Ты руку сваю моцна
да грудзіны маёй прытулі –
сэрца рытмам дзівосным 
адгукнецца напевам зямлі.

І расчуем мы сокі,
што спускаюцца ў нетру яе,
каб залегчы глыбока,
ды памкнуцца назад па вясне.

Жывіць стойкая памяць
пра вяртанне і кругазварот.
Хай заснежвае замець
гэты звыклай чарговасці год.

За навалай сняжыстай
прамільгнуць як адвечны спадзеў
навагоднія іскры,
цёплых зорак высокі пасеў.

 

Просмотров: 761 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Декабрь 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024