Сайт Міхася Южыка Среда, 17.01.2018, 16:03
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 85

» Форма входа

Главная » 2010 » Декабрь » 10 » З Новага Запавету; вершы (восень 2010)
19:22
З Новага Запавету; вершы (восень 2010)

* * *

"За што ты гоніш мяне? –
пытаўся Хрыстос у Паўла. –
Як сябра майго кранеш – 
мне след нанясеш крывавы.
Крывавай дарогай ісці
табе ў накірунку іншым,
няходжаных пуцявін
адольваць балюча вышы.
Язычнікаў цытадэль
даю табе ва ўладанне...”
І Павел з калень глядзеў,
як Госпад раптоўна кануў.
І зноўку цяжкі замок
вісіць на дзвярах Нябёсаў.
А Паўлу – разбег дарог;
абапал – пяскі і росы.
Не крыж пры канцы, а меч
вісіць непазбежнай карай.
Пакуль жа – ланцуг сустрэч,
пакуль жа – крыляюць мары.
На Вечнасці рубікон
кіруе народы Павел.
Самому ж – вязніц загон
і меч, што жыцця пазбавіў.


* * *

"Што можа выйсці з Назарэта? –
смяяліся так з веку ў век.
– Хто можа там явіцца свету,
які нікчэмны чалавек?”

Што ў правінцыйным запусценні
і занядбанасці дурной,
дзе ад халуп кладуцца цені
на камень скосай маставой?

Дзе ходзяць да крыніц пад горку,
а потым цягнуць што ёсць сіл
збаны жанчыны. Лёс іх горкі,
як быццам Бог пра іх забыў?

А Ён між тым хадзіў раздумна,
па вулках, дворыках чужых
і назіраў са светлым сумам,
і напінаў нянаскі слых.

І чуў Ён кожнае стварэнне,
іх недагледжанасць і боль.
І малітоўна на каленях
празорваў крыж галгофскі свой.

А потым – доўгая дарога, 
каб увайсці ў Іерусалім,
дзе іудзеі зганьбяць Бога,
дзе будуць суд чыніць над Ім.

Зямлю і неба паяднаўшы
крывёй пякучаю сваёй,
разрывам сэрца душы нашы
Ён маніць вечна за сабой.

"Што можа выйсці з Назарэта?” –
смяяліся так мімаходзь
у час Старога Запавету.
Як аказалася – Гасподзь.



* * *

"Ах, толькі б вам веры прыдбаць хоць крыху! –
Збавіцель казаў перад шчыльным натоўпам. –
Вядзі свайго сына, трымай за руку”, –
і бацька падлетка наперад высоўваў.
А той, толькі ўбачыў Ісуса наўпрост,
імгненна зваліўся, зацяты нячыстым,
то курчыўся ў пене, то гнуўся, як мост,
з вачэй яго мкнулі шалёныя іскры.
А бацька падлетка, што побач стаяў,
усклікнуў прарэзліва: "Госпадзе, веру!
Ты б толькі нявер’ю майму паспрыяў!”
"Ты стукайся, дружа, адчыняцца дзверы”, –
прамовіў Ісус. Ціха плакаў стары,
а людзі ў здранцвенні вытрэшчвалі вочы.
І голас раздаўся: "Нячысты, замры,
пакінь гэта цела, што б’ецца сіроча!”
Тут ахнулі ўсе, бо юнак як сканаў,
на ссохлай траве ён ляжаў скамянела.
Маўчанне ў натоўпе, а бацька рыдаў,
уперыўшы позірк у мёртвае цела.
"Ах, толькі б вам веры прыдбаць хоць крыху!” –
паўтораны гучна Збавіцелем словы,
і Ён падышоў і сказаў юнаку:
"Устань і жыві, як раней, і нанова!”
Падняўся няшчасны і бацьку абняў,
і доўга стаялі яны ў аняменні,
глядзелі, як вучняў Збавіцель забраў
і рушыўся з імі пад вечара цені.





* * *

Ілія і Майсей гаварылі з Ісусам,
пераўтвораным, белым і срэбным, як снег.
Трое вучняў стаялі знямелым хаўрусам
на гары, дзе хвіліны спыняюць свой бег.

Узрушэнне і страх чаргаваліся хутка,
бо настаўнік паўстаў нечакана другім.
І не ў стане спасцігнуць іх розум марудны,
і не ў сілах душа жыць імгненнем такім.

О, адкуль яны ведаюць, быццам прарокі
тут, на рысе нябыту, гаворку вядуць?
Ім вятры рассцілаюць пад ногі аблокі,
і надзею, і радасць аднекуль нясуць.

"Гэта Сын Мой любімы!” – пачулася громам,
з нетутэйшага воблака пырснуў прамень.
І настаўнік ізноў стаў прывычна знаёмым,
і расквеціўся фарбамі звыклымі дзень.

"Толькі помніце цвёрда: пакуль не ўваскрэсну –
анікому ні слова, што бачылі вы!” –
і пакінуў Ісус гэта дзіўнае месца,
і спусціўся па схіле пад шолах травы.




* * *

"Душа Мая пакутуе смяротна!
Не спіце, маліцеся, мілыя...”
Хоць вучням Яго было холадна, слотна –
валіў на зямлю іх астылую
ліпучы, назойлівы сон –
як быццам няўмольны закон.
"О, што ж вы спіце, калі Мне адзінока,
калі папрасіў Я ў адчаі Айца
яшчэ хоць крыху вінаградныя сокі
папіць, не прыспешваць дарогі канца.
І ўсё ж падыходжу, відаць, да парога,
які пераскочу праз крыж і цвікі,
каб сталася марай для жыццяў убогіх
калісьці вось гэты парог перайсці.
О, што ж вы спіце гэтай ноччу цямравай,
калі немінучая варта ідзе!
Я чую, абутак іх шоргае ў травах,
і быць праз хвіліну жахлівай бядзе!
(Паверце, зыначыцца тая бяда,
і будзе для вас яна хлеб і вада.)
Хай будзе, як Ты, а не Я захачу,
хай страшна ў апошні Я міг закрычу,
хай люта праколе і сэрца Маё
калянае вострае рымлян кап’ё!
Цяпер прачынайцеся! Голас Іуды
разносіцца ўночы прысудам Маім.
І ўсіх вас чакаюць вялікія цуды.
І ўсе мы нязгасна цяпер узгарым”.


* * *

Пячора. І камень грувасткі на ёй.
І Марфа з Марыяй рыдалі
па Лазару, што свой смяротны спакой
знайшоў, і яго пахавалі.

"А дзе ж наш Ісусе, чаму не спяшаў
да хворага на дапамогу?
Ах, страшна глядзець, як любімы канаў,
як скручваўся ў сутаргах рогам!

Ён поўны быў сіл маладых і надзей,
у некалькі дзён згас як свечка...”
Марыя і Марфа ў нясцерпнай бядзе
клялі гэты свет недарэчны.

Але не прайшло і паўдня, як яны
стаялі ў святым недаўменні,
тады як Ісус гаварыў: "Ён жывы!
Хай выйдзе сюды з царства ценяў!”

І камень адвалены ўніз паляцеў.
З пячоры магільнай і стылай
на радасць і страх самых блізкіх людзей
з’яўляецца Лазар іх мілы.

 

Просмотров: 435 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Декабрь 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2018