Сайт Міхася Южыка Пятница, 20.10.2017, 00:41
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 84

» Форма входа

Главная » 2010 » Октябрь » 11 » Зайздрасць як рухавік
19:34
Зайздрасць як рухавік
("ЛіМ” 10.09.10)
 
У літаратурным асяроддзі – у тэлефонных размовах, курыльнях, на старонках пісьменніцкіх ЖЖ – толькі і чуецца апошнім часам абвінавачванні адно аднаго ў зайздрасці, славалюбстве ды іншых біблейскіх грахах. Прычым абвінавачванні гэтыя ўзнікаюць тады, калі спрачальнікі вычэрпваюць усе разумовыя рэсурсы, інтэлектуальны запас. А тады, нібы задзірыстыя хлапчукі, не ў змозе перамагчы словам – адвешваюць адно аднаму аплявухі ў выглядзе цэтлікаў "зайздроснік” і "славалюбец”.
 
Таму варта крыху патлумачыць наступнае. Як сказаў адзін паважаны свяшчэннік, літаральна ўсе людзі страшэнныя грэшнікі, а таму самае прыдатнае для іх месца – у пекле, і толькі вялікай літасцю Божай мы трымаемся на зямлі. Цяжка не пагадзіцца з гэтай высновай, асабліва калі кожны непрадузята і сумленна пакорпаецца ў нетры сваёй душы... Але вось у чым закавыка. Літаратура – не манастыр, дзе асноўнай задачай кожнага ёсць духоўнае ўзвышэнне і падрыхтоўка да вечнасці. Літаратура вырашае крыху іншыя справы. І найпершая – гэта стварэнне высокамастацкіх твораў, а яшчэ – пошукі і ўвядзенне ў гісторыю нацыянальнай літаратуры самага вартага і каштоўнага. Пошукі гэтыя, чаго там таіць, вядуцца сярод проста-такі завалаў пасрэднасці, шараговасці, немастацкасці, ваяўнічага глупства і махровай графаманіі.
 
Адшукаўшы мастацкае і вылучыўшы (а гэта задача найперш крытыкаў і літаратуразнаўцаў), мы самім ужо гэтым фактам робім богаўгодную справу. А прасоўваючы ў літаратуру пад рознымі маркамі ардынарнасць і графаманскія творы – адпаведна спрыяем богапраціўнаму. Такім чынам, ад літаратара і крытыка не патрабуецца нерэальнага – быць чалавекам святым і бязгрэшным, а патрабуецца пасільнага – быць хаця б сумленным і адказным за сваю працу. А таксама – не займацца тым, што табе прыродай не дадзена, інакш наробіш благога сабе і людзям. Таму малаадоранаму літаратару найлепш зусім не пісаць. А крытыку з поўнай адсутнасцю мастацкага слыху і густу – найлепей самавыяўляцца ў якой іншай, далёкай ад літаратуры сферы. І гэта я кажу на поўным сур’ёзе. Бо нічога няма страшнейшага, чым злачынства духоўнае: калі прыніжаюць і замоўчваюць творцаў, пацалаваных самім Тварцом, а ўзвышаюць бяздарнасць; калі пішуць не па-мастацку і дзякуючы прабіўным якасцям і сацыяльнай актыўнасці ўзводзяць свае творы ледзьве не ў класіку.
 
Вось што ад нас, шаноўныя, патрабуецца. Нічога надзвычайнага і большага, чым простая добрасумленнасць. Абвінавачванні ж літаратараў у зайздрослівасці да поспехаў калегаў і славалюбстве выглядаюць па меншай меры недарэчнымі. Тым больш што абвінавачванні гэтыя кідаюць, як правіла, самыя што ні ёсць зайздроснікі і славалюбцы, не здольныя заўважыць бервяно ва ўласным воку. Паўтараю, сярод літаратараў святых няма, дый задач святасці тут не стаіць. Зайздрасць і славалюбства, калі падысці да гэтага па-філасофску, – магутныя і неабходныя рухавікі творчасці. Вядома ж, разам з іншымі рухавікамі, якія мы не станем тут разглядаць. Прачытаўшы выдатную старонку калегі, творца міжволі запальваецца і заражаецца імпэтам напісаць прынамсі не горш. Пасля пачутай пахвалы ў бок калегі з глыбінь душы творцы паўстае жаданне, каб і яго некалі заслужана пахвалілі. І гэты ўнутраны пасыл залежаць не ад нас, грэшных, ён закладзены ў нашу прыроду ад нараджэння. Можна, канешне, змагацца з сабой і пачаць духоўна расці. Але тады варта сыходзіць з літаратуры ў манастыр, скіт ці пустэльню. А найлепей – змірыцца з тым, што там, дзе ёсць свецкае жыццё, неабходна прысутнічаюць і славалюсбтва і зайздрасць.
 
Таму прапаноўваю літаратарам перастаць вешаць на калегаў недарэчныя цэтлікі, а пачаць сумленна выконваць сваё зямное наканаванне. Каму дадзена – ствараць мастацкія творы; каму дадзена – іх справядліва аналізаваць. І пажадаем у гэтым сабе паспяховасці.
Просмотров: 354 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 1.0/1
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Октябрь 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2017