Сайт Міхася Южыка Пятница, 29.03.2024, 14:16
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2010 » Август » 27 » Каб не даць пераспець
13:42
Каб не даць пераспець
("ЛіМ" 4.06.10)
 
"Спелы талент – так двума совамі можна акрэсліць асобу Кастуся Траўня, які сёння дае на суд чытача другую кніжку прозы”. Гэта цытата з прадмовы да кнігі пісьменніка, пра якога я задумаў пагаварыць. А напісаў яе вядомы празаік, мэтр айчыннай літаратуры Уладзімір Дамашэвіч, у шчырасці якога, мяркую, мала хто сумняваецца.
 
Але вось незадача. Таленавіты празаік Кастусь Травень не ўпісваецца ў беларускі літаратурны працэс. Пісьменніку пераваліла за шэсцьдзесят, і ён, не прыдбаўшы ў літаратурнай маладосці пэўнага статусу, знаходзіцца цяпер, калі так можна сказаць, ні там, ні сям.
 
Іерархія літаратурнага працэсу будуецца па сваіх складаных і даволі жорсткіх законах. Ільвіная доля плошчы тоўстых часопісаў па традыцыі аддаецца вядомым сталым пісьменнікам; для моладзі, што напорыста рвецца ў літаратуру, адводзіцца даволі вузкая брама (выключэнне – часопіс "Маладосць”). Аднак Кастусь Травень, які пачаў пісаць прозу блізу пяцідзесяцігадовага ўзросту, не можа быць залічаны ні да шэрагу славутых і знакамітых, ні да маладых і амбітных. А таму чалавек паважанага ўзросту і, бяру на сябе адказнасць, адметна таленавіты празаік вымушаны, нібы маладзён, абабіваць парогі рэдакцый, чакаючы, што яго заўважаць, палюбяць і надрукуюць.
 
І рэдактары, магчыма б, палюбілі яго, каб уважліва пачыталі не адзін, а некалькі твораў Кастуся Траўня. Таму што ў пісьменніка выключная манера пісьма, багатая мова і не па гадах моцная энергетыка. Да таго ж – і адчуванне сучаснасці, тут ён можа даць фору большасці маладых літаратараў.
 
Аднак прасцей адвярнуцца, вымавіўшы дзяжурнае "Не падыходзіць”, або "Не ўразіла”, або "Схадзіце ў іншы часопіс”. Бо з маладымі важдацца і правіць іх опусы – так бы мовіць, сам Бог загадаў. А стары, які не заявіў пра сябе ў маладосці, часцяком атрымлівае аўтаматычныя цэтлікі графамана і назойлівага хадака па рэдакцыях. Да таго ж Кастусь Травень мае сваю пазіцыю і можа смела яе адстойваць, не лазячы за словам у кішэнь. Гэта мала каму падабаецца.
 
Трымаю ў руках дзве кнігі прозы Кастуся Траўня – "Маўчы і будзь хітрым” і "Гульня белымі фігурамі”, выдадзеныя адпаведна ў 2007 і 2008 гадах. Некаторыя творы гэтых зборнікаў апавяданняў друкаваліся ў перыёдыцы, пачынаючы з канца дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Але большасць апавяданняў (і думаю – самых лепшых) не дайшлі да шырокага чытача. Таму што кніга накладам у 200 асобнікаў можа абсалютна незаўважна растварыцца ў нашым, хай і не такім неабсяжным, літаратурным працэсе.
 
А такіх літаратараў, што не знайшлі сабе сталага месца ў часопісах і тусоўках, у нас, спадары, нямала. Іх творчасць можа кануць у Лету без нейчых хаця б найменшых спробаў яе прачытаць. Няўжо мы так упарта ўпэўнены, што вартыя творы нараджаюцца адно з-пад пяра мэтраў ці ўсялякіх харызматычных асобаў? Ці не пара нам уважлівей праводзіць рэвізію рэдакцыйных партфеляў – хаця б з трывіяльнай цікавасці і бескарыслівай любові да мастацкай літаратуры?
 
У творах Кастуся Траўня ёсць усё, што патрэбна сучаснасці. Яго проза, па сваіх рытміцы, тэматыцы, энергетыцы, чулліва перадае тое, чым жыве беларускі народ. Пісьменнік як бы асучаснівае класічную манеру пісьма, спалучае традыцыю і наватарства. Да таго ж выдатна валодае роднай для яго, як выхадца з вёскі, натуральнай беларускай мовай. Кастусь Травень – сучасны гараджанін з вясковай базай, з трывалымі маральнымі прынцыпамі, якія ён усмактаў з малаком маці. Беларуская сціпласць у ім ужываецца з напорыстасцю, жвавасцю нашага "электроннага” веку.
 
У яго кніг не было кваліфікаваных рэдактараў. Асабліва ў першай, дзе сабраны найлепшыя творы празаіка і дзе, на жаль, мноства тэхнічных агрэхаў. Гэта бяда не толькі Кастуся Траўня, а ўсіх тых, хто выдаецца саматугам. Творца, каб расці і развівацца, павінен не выпадаць з літаратурнага працэсу, варыцца ў саку рэдакцыйных пакояў, тусовак ці нават ЖЖ-блогаў. Спадар Травень, адцеснены на ўзбочыну літпрацэсу, не ўпісаны ні туды, ні сюды, тым не менш не здаецца. Выдае кнігі і прадае іх там, дзе збіраецца беларускамоўны люд, несучы такім чынам і сваё мастацкае слова ў масы. "Графаман, якому няма чым заняць сваю старасць!” – прабурчыць нехта. А нехта ў захапленні назаве гэта нацыянальным літаратурным падзвіжніцтвам. Я бліжэй да апошняга вызначэння.
Просмотров: 622 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 1.0/1
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Август 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024