Сайт Міхася Южыка Вторник, 16.04.2024, 19:32
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2010 » Июнь » 28 » У пошуках сучаснага героя
14:08
У пошуках сучаснага героя
1. Сучасны герой (пачатак)
 
Беларуская літаратура, калі так можна сказаць, цяжарная сучасным героем – тым, на каго здольныя адгукнуцца тысячы чытацкіх сэрцаў. Аднак разрадзіцца такім героем ніяк не можа.
 
Паразважаць над гэтай праблемай я прапаноўваю шаноўным чытачам у наступным ракурсе: праз параўнальны аналіз галоўных герояў ды ідэйнага зместу двух вельмі вядомых раманаў. Гэта "Адзінота ў Сеціве” сучаснага польскага пісьменніка Януша Вішнеўскага і "Атланты і карыятыды” нашага класіка Івана Шамякіна. Абодва раманы выразна выявілі подых сваёй сучаснасці і адшукалі сваіх адметных герояў.
 
Да рамана І. Шамякіна мы звернемся ў наступнай калонцы і будзем аналізаваць на кантрасце з раманам Я. Вішнеўскага. Пакуль жа гаворка пра "Адзіноту ў Сеціве”.
 
Я выбраў гэты раман таму, што ён, па-першае, з’яўляецца бестселерам і многія яго прачыталі, а па-другое, таму, што раўназначнага па папулярнасці рамана сярод сучасных беларускіх празаікаў папросту не ведаю. Не маю на ўвазе мастацкія вартасці, а толькі тое, што Вішнеўскаму ўдалося надзвычай выразна паказаць, чым жыве і дыхае сучасная еўрапейская культура.
 
На першы погляд ідэя рамана высакародная: у Сеціве сустракаюцца два чалавекі, маладыя мужчына і жанчына, якія пакутуюць ад адзіноты і якія цягам рамана дораць радасць адно аднаму. Аўтар падкрэслівае надзвычайны розум галоўнага героя, які з’яўляецца навукоўцам-генетыкам, яго неверагодную працаздольнасць, адданасць ідэі, а таксама спагаду да бліжняга і вернасць у каханні. Пасля таго як загінула яго глуханямая каханка, герой некалькі гадоў не мог нікога пакахаць, настолькі перажываў той трагічны скон. Аднак гэта, бадай, і ўсё, што можа прывабіць патрабавальнага чытача ў галоўным героі. Далей высвятляецца, што ўсе гэтыя доўгія гады ён, не кахаючы нікога (да сустрэчы з незнаёмкай у Сеціве), наталяў сваю палавую патрэбу ненатуральнымі або непрыстойнымі спосабамі. А людзі, з якімі герой хаўрусуе – пераважна калегі па працы, – літаральна захлынаюцца ва ўсялякіх грахах і заганах.
 
Ведучы галоўную лінію, то бок перапіску ў Сеціве героя з гераіняй, Вішнеўскі пастаянна акунаецца ў жыццяпіс асобаў, якія так ці інакш перасякаюцца з галоўнымі героямі. І гэтая рэтраспекцыя мае адзіную мэту: з нездаровай асалодай паказваць чалавечы грэх ва ўсіх магчымых праявах. Гэтыя адукаваныя "добрапрыстойныя” людзі спрэс аказваюцца алкаголікамі, наркаманамі і разнастайнымі палавымі вычварэнцамі. А яшчэ страшэннымі эгаістамі, якія займаюцца ў жыцці пераважна тым, што ўсяляк наталяюць пачуццёвыя рэцэптары свайго цела. Ім хочацца быць бадзёрымі – і яны сёрбаюць літрамі моцную каву і несупынна кураць. Ім хочацца расслабіцца – і яны заліваюць мазгі алкаголем. Ім хочацца адключыцца – яны скарыстоўваюць какаін і марыхуану. У іх зайгралі гармоны – і яны авалодваць жанчынай проста ў кабінеце, груба кідаючы яе на працоўны стол. І пры гэтым усім яны пастаянна няшчасныя: бо іх, аказваюцца, не кахаюць, за іх не перажываюць і.г.д.
 
Адзінота і пакуты галоўнай гераіні такія: яна замужам, муж надрываецца на рабоце, каб яе забяспечыць, да таго ж ён выдатны палюбоўнік, да таго ж гераіня не абцяжарана дзецьмі. А ёй сумна і адзінока так, што яна пускаецца ў авантурны інтэрнэт-раман з чалавекам, што жыве за мяжой.
 
Літаральна ўсіх герояў рамана не любяць іхнія палавыя партнёры. А героі таго прагнуць! Толькі закавыка ў тым, што, патрабуючы ад лёсу быць любімымі, яны не маюць той любові ўнутры сябе. Яны не ведаюць Бога, а значыць, не здольныя аб’яднацца ў гэтай Любові з партнёрам. Яны шукаюць у палюбоўніка таго, чаго самі не маюць. Усе яны хочуць браць, браць, браць... Бог прысутнічае ў рамане пераважна ў сухой рыторыцы, або ў роспачным ляманце "За што!”, калі чарговага шукальніка шчасця напаткоўвае бязлітасны ўдар лёсу. Дзіця захварэла на лейкемію, каханая загінула пад коламі экскаватара, вераломна кінуў каханак... "За што!” – патрабавальна галосяць героі Вішнеўскага. І ніхто не здаецца пытаннем: а ці не перастаць нам спачатку грашыць, замест таго каб пастаянна нешта патрабаваць ад жыцця?
 
Малюнак сучаснай еўрапейскай і амерыканскай інтэлігенцыі ў рамане не раўнуючы апакаліптычны (гэта гіпербала, такога ў рэальным жыцці пакуль што няма). І таму галоўныя яго героі не тыя, што кахаюцца праз інтэрнэт, а сам грэх ва ўсялякіх яго праявах. Падобнага "героя”, зрэшты, Вішнеўскі выдумаў не ўпершыню. Значна раней быў напісаны раман жывога класіка англійскай літаратуры Джона Фаўлза – "Дэніэл Марцін”. Вішнеўскі толькі перасягнуў папярэдніка ў канцэнтрацыі негатыву.
 
 
2. Герой, вышэйшы за час (заканчэнне)
 
Мінулым разам мы паспрабавалі вызначыць сучаснага героя ў рамане "Адзінота ў Сеціве” польскага пісьменніка Януша Вішнеўскага – і высветлілі, што ў галоўным героі аўтар насамрэч люструе сапраўднага і ўсеўладнага "героя” сучаснасці: грэх чалавечы. Такім чынам, станоўчага героя мы не знайшлі.
 
Раман Івана Шамякіна "Атланты і карыятыды”, на мой погляд, з’яўляецца вяршыняй творчасці пісьменніка. Ні да, ні пасля Шамякін не дасягаў такой вышыні мастацкага ўвасаблення сваіх ідэй. Хоць набліжаўся да яе, намацваючы выразныя вобразы сучаснікаў у сваіх папярэдніх раманах – "Сэрца на далоні” і "Снежныя зімы”.
 
Вобраз галоўнага архітэктара абласнога цэнтра Максіма Карнача з "Атлантаў і карыятыдаў” падаецца мне непераўзыдзеным рэалістычным вобразам станоўчага героя ва ўсёй беларускай літаратуры. З ім магу параўнаць толькі Антона Косміча з Караткевічава "Чорнага замка Альшанскага”. Але ж у "Чорным замку” занадта моцны элемент рамантызму і фантазіі, каб успрымаць галоўнага героя вельмі ўжо ўсур’ёз.
 
Шамякін жа малюе надзвычай рэалістычную карціну "саўковай” рэчаіснасці пачатку 70-х гадоў. Інтрыгі і склокі ў праектным бюро, самадурства чыноўнікаў, нягнуткасць савецкіх законаў, абыякавасць да патрэбаў простых грамадзянаў у жыллі... І сярод усяго гэтага жыве і дзейнічае галоўны архітэктар Максім Карнач – талент ад Бога, да таго ж надзелены жалезнай воляй і прабіўнымі якасцямі. Прыгажун брутальнага тыпу, сямейны чалавек, бацька... Гарачлівы, рэзкі да грубасці, бескампрамісны.
 
Пісьменнік бярэ той адрэзак жыцця Карнача, калі руйнуюцца шмат якія яго ідэалы, калі вось-вось будзе аддадзена на глум бяздарнасцяў (праз інтрыгі) ягоная пасада, дзякуючы якой ён меркаваў палепшыць жыццё гараджан, упрыгожыць свой горад. І ўжо шмат зрабіў. Але з-за наравістага характару стаў у небяспечную апазіцыю да ўладаў, што пагражае вельмі сур’ёзнымі наступствамі. А што за наступствы – хто тады жыў, памятае.
 
Акрамя таго, наспявае разрыў з жонкай, сумеснае жыццё з якой ператварылася ў суцэльны кашмар. А яшчэ дачка выскоквае ў сталіцы замуж, асабліва не папярэдзіўшы, а толькі патрабуе і патрабуе грошай. Галоўнаму архітэктару ў сваім горадзе няма дзе жыць. Ён матаецца штодня з зімовай самотнай дачы на працу і назад, на таксі, а тое і пешкі. Адзін у лесе. Цяжкія роздумы. Дача, у якую ён уклаў столькі душы, аказваецца не патрэбнай ні дачцэ, ні жонцы... А яшчэ памірае ў вёсцы маці. Разрываючыся між жыццёвых праблем, Карнач захворвае на грып, які дае ўскладненне. Ляжыць адзін на дачы як непрыкаяны, але нікога не кліча на дапамогу... Наўкол – снежны лес, замеценыя завірухай дарогі. У жары, кволы, падымаецца і пачынае выразаць з камля вобраз памерлай маці, скульптуру. Магутны характар, які прывык вырашаць свае праблемы адзін, смела глядзець у твар нягодам і нават смерці... Але людзі самі яго знаходзяць.
 
Урэшце Карнач адужаў амаль усе злыбеды, апроч непаразумення з жонкай, якая, даводзіць аўтар, усё жыццё мардавала яго беспадстаўнай рэўнасцю. Адноўлены на пасадзе. Высокі чыноўнік сам прыязджае ў яго мядзведжы кут, выпівае з ім чарку, цісне руку. Перад моцнымі людзьмі скараюцца жыццёвыя навальніцы.
 
Як кантраст няўступліваму Карначу Шамякін дае прыклад самай сапраўднай хрысціянскай сям’і яго сябра Віктара Шугачова. Звычайны інжынер, "працоўны конік” архітэктуры, ён зарабляе нашмат менш за Карнача, але яго шматдзетнай сям’і ўсяго як быццам хапае. Бо ў іх ёсць галоўнае – любоў і, як вынік, бескарыслівае жаданне ісці адно аднаму на дапамогу ў жыццёвых калізіях.
 
Гэтым кантрастам пісьменнік ставіць пытанне лёсу і прызначэння. Ва ўсіх на гэтай зямлі свае ролі, свае задачы. Карнач – на вяршыні, а там холадна, ветрана, адзінока. Ягоны сябар – у падмурку той піраміды, якая трымае ўсё чалавецтва праз галоўную жыццёвую каштоўнасць – любоў. Але абодва – атланты, што трымаюць горад, зямлю, нацыю. Героі на ўсе часы, героі пазачасавыя.
 
Пасля рамана Януша Вішнеўскага "Адзінота ў Сеціве” асабіста мне закарцела хутчэй пакласці гэтую кнігу на самую далёкую паліцу і не тое што самому ніколі не перачытваць, але і нікому не рэкамендаваць яе пачытаць. Смакаванне граху ва ўсіх яго іпастасях – не самы лепшы спосаб зрабіць чытача шчаслівейшым. Раман Івана Шамякіна я перачытваў мноства разоў – з прычыны таго, што часам хочацца пабываць у свеце хрысціянскай маралі і хрысціянскай любові, пагрэцца каля гэтага вогнішча, зацепленага пісьменнікам у самы застойны савецкі, атэістычны час.
 
Беларуская літаратура, у сілу асаблівасцяў развіцця нацыянальнай мовы, пакуль не скочваецца і не можа скаціцца ў прорву камерцыі, як гэта адбываецца амаль з усімі еўрапейскімі літаратурамі, якія даўно і ўстойліва пакланяюцца яго "вялікасці” граху. Дык давайце скарыстоўваць сваю унікальнасць.
Просмотров: 2497 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 2
2 Kastus  
0
Чытач. Сеў папіць кавы, а думкі паперлі бурлівым раўчаком. ''Яны не ведаюць Бога, а значыць, не здольныя аб’яднацца ў гэтай Любові з партнёрам. Яны шукаюць у палюбоўніка таго, чаго самі не маюць. Усе яны хочуць браць, браць, браць...''.
Заходняя гарадская цывілізацыя ішла, ідзе і прыйшла да той Свабоды, да якой імкнуцца героі ''Адзіноты ў Сеціве''. У вясковай цывілізацыі, у цывілізацыі бедуінаў, кітайцаў, эскімосаў валадарыць Неабходнасьць. Хочаш выжыць -- варушыся і вельмі моцна. Хто не падпарадкоўваецца неабходнасьці -- той гіне. Нашы сучасныя маладзёны-інтэлігенты трызняць Свабодай, не падазраючы, што Неабходнасьць -- галоўны валадар жыцця. Гарадскі чалавек імчыць на джыпе па праспекту, сустракаецца з каханкай, п'е ўвечары віскі ў рэстаране з сябрамі, абмяркоўвае, як скокнуць на тыдзень у Парыж ці Турцыю, і дзе можна зсекчы баксаў... Але галоўныя каштоўнасьці жыцця неўпрыкмет прамінаюць ягоную свядомасьць. Замест Кахання -- сэкс, замест Зорнага Неба і Сонца -- накураны рэстаран, замест песні жаўрука -- завыванне англамоўных музыкальных бардаў. Нават дзяржаўныя мужы пападаюць пад уплыў замежных мод і ўжо пачынаюць марыць аб хмарачосах у нашых гарадах. З якім імпэтам нашы тутэйшыя журналюгі карыстаюцца словам ''мегаполіс''. Дарэчы, калісьці мегаполісам называлі: зліцце некалькіх вялікіх гарадоў з агульнай колькасцю жыхароў каля 15 міліёнаў чалавек. Маскву можна назваць мегаполісам, а больш на тэрыторыі былога саюза мегаполісаў няма. Уявіце сабе чалавека, які ўсё сваё жыццё пражыў у мегаполісе Шанхай, Н'ю-Йорк ... і ніколі не бачыў Зорнага Неба, Сонца, Месяца ...? Хто гэта? Што за істота, якая не бачыла самых яскравых стварэнняў пана Бога? Кожны вясковы жыхар -- гэта індывідуаліст, бо сваю працу заўсёды робіць сам, і таму мае сваё меркаванне, сваё гледзішча, свай светапогляд. Гарадскія жыхары звязаны ланцугамі калектывізма і вельмі залежны адзін ад аднаго.
Сёння ідзе заключны этап барацьбы паміж гарадской і вясковай цывілізацыяй, у якой перамагаюць постіндустрыяльныя тэхналогіі. Ідэялагічна горад не перамог вёску. Бедуіны некалі казалі французскаму пісьменніку і лётчыку Антуан дэ Сент-Экзюперы : ''-- У вас ёсьць самалёты -- але ў вас няма Істыны! ''
Калі Кадафі прыязжаў у Маскву з сваім шатром-палаткай, ён тым самым паўтараў гэтыя словы ўсёй сучаснай цывілізацыі. Перш чым з сваім статутам лезьці ў чужыя краіны, трэба спачатку добра вывучыць чужую гісторыю, уклад жыцця, законы, звычкі, клімат, умовы выжывання...
Апошнія сто год паказалі што светапогляд англасаксаў, немцаў, японцаў, рускіх збудаваны на гнілым філасофскім падмурку, які прывёў да двух крывавых сусветных войн. Гэтыя хібы іхняга светапогляду былі спрытна схаваны за гераічнай барацьбой з фашызмам, таталітарызмам, і панаванне хібнай заходняй гарадской цывілізацыі працягваецца далей. Таму маладым беларускім інтэлектуалам трэба не бегчы за чужымі думкамі і меркаваннямі заходніх мысляроў, але абпіраючыся на сваю гістарычную спадчыну, пачынаючы з ВКЛ і цяперашняю сучаснасьць, напрацовываць сваё філасофскае гледзішча, якое стане цікавым і лепшым ёўрапейскім мыслярам.

1 Kastus  
0
Чытач. Зацікавілі. Прыдзецца прачытаць ''Атланты...''. ''Снежныя зімы'' чытаў некалі, вельмі спадабаўся, нават тады здзівіўся, што такі добры сучасны раман у беларускай літаратуры. ''Атланты.. '' помню пачаў чытаць у часопісе, але гартаючы натыкнуся на нейкія спрэчкі і так і не прачытаў...

» Поиск

» Календарь
«  Июнь 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024