Сайт Міхася Южыка Пятница, 29.03.2024, 09:48
Приветствую Вас Гость | RSS
Главная | Блог | Регистрация | Вход
» Меню сайта

» Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 90

» Форма входа

Главная » 2010 » Май » 6 » Няшчасце вяртання
20:22
Няшчасце вяртання
("ЛіМ”, 30.04.10 )
 
Не надта люблю беларускую прозу на так званую вясковую тэматыку. Памятаю, як тугавата, толькі каб быць абазнаным у класіцы, дачытваў некалі палескую хроніку Івана Мележа, напружваючыся задоўгімі апісаннямі вясковага побыту і мала дынамічным сюжэтам гэтага аб’ёмнана твора. Прыкладна тое самае адчуваў пры чытанні трылогіі Якуба Коласа "На ростанях”. Такім чынам беларускія класікі фарміравалі ў мяне стэрэатып беларускай вясковай прозы: няспешнай, зацягнутай, занадта пільнай да побытавых дэталяў і небагатай псіхалагізмам.
 
Прынцыпова інакш глядзіцца аповесць Андрэя Федарэнкі са знакавай назвай "Вёска”. І дзіўна чуць параўнальны аналіз некаторых крытыкаў пра нібыта сюжэтныя і ідэйныя паралелі са знакамітай трылогіяй Коласа. У творы варта вылучаць галоўны пасыл, дзеля чаго ён напісаны і пра што, па сутнасці, ён. А твор Федарэнкі, у адрозненне ад твораў нашых класікаў на вясковую тэму, зусім не пра вёску, па вялікім рахунку. А пра пакуты і блуканні душы галоўнага героя, чалавека выключнага, нешараговага. Гэта выразны экзістэнцыйны твор, з няспынным, напружаным, хваравітым корпаннем у сваім "я” і супрацьпастаўленнем свайго эга сусвету, хоць і звужанаму да рамак вёскі і ўспамінаў пра нядоўгае сталічнае жыццё.
 
Галоўны канфлікт аповесці – у вяртанні Антона Васкевіча ў родную глухую вёску, пасля таго, як ён быў адлічаны з інстытута ў 1990 годзе за празмерна беларускамоўныя настроі. Аднак пакуты і шуканні героя, як хутка высвятляецца, зусім не маюць нацыяналістычнага напрамку, яны, калі можна так сказаць, агульначалавечыя і таму могуць быць блізкія кожнаму. Герой вяртаецца ў вёску халоднай снежнай зімою, і першы сустрэты ім зямляк на вакзале – мясцовы ціхі вар’ят Пульс. Гэты эпізод сімвалічны і закліканы абвастрыць дэпрэсію Васкевіча: панылая зімовая дарога, сцюжа, Пульс на санках коціць яго пажытак, і ў памяці разгортваецца рэтраспекцыя ранейшых гадоў, дзяцінства, юнацтва, калі Пульс быў такі самы і ўсё вакол было гэткае ж. Тая нязменнасць і звязаная з гэтым бесперспектыўнасць сваёй будучыні прыгаломшвае Васкевіча. І атрымоўваецца, што ён ідзе ў родную хату да роднай маці, як на нейкую катаргу. Ён загадзя ведае, як бязрадасна, холадна і няўтульна там будзе, як самотна і як няма з кім будзе пагаварыць. Тут усё як бы замерла, спынілася ў сваім развіцці. А яго маладая, дапытлівая душа шукае дынамікі, працягу і перспектывы. Іх у роднай вёсцы не будзе, герой гэта цудоўна ўсведамляе. І таму, нібы асуджаны, цягнецца за санкамі вясковага вар’ята па зімовай дарозе.
 
Увесь далейшы ход аповесці прысвечаны таму, што галоўны герой шукае прасветліну ў сваім жыцці. Чапляецца за яго ўсімі магчымымі спосабамі, спрабуючы суцішыць сваю маркоту, напрыклад, тым, што прыйдзе вясна і ён выправіцца на такую любімую з дзяцінства рыбалку, ці па грыбы... Але тое, што радавала ў дзяцінстве, не прыносіць Васкевічу звыклых эмоцый. Усяму, так бы мовіць, свой тэрмін. Жыццёвая праграма вымагае руху і развіцця; дзяцінства, юнацтва і звязаныя з імі натуральныя эмоцыі ўжо не вернеш. І герой, як чалавек разумны, гэта бачыць ад пачатку, але спрабуе сябе падмануць.
 
Адсюль і каханне да школьніцы з нядобранадзейнай сям’і, якое адбываецца ў бібліятэцы, куды Васкевіч уладкоўваецца працаваць. Каханне зноў жа бесперспектыўнае, як і ўсё далейшае жыццё героя. Проста ён хапаецца за саломінку, нібы тапелец. А часам проста плыве па цячэнні, па нашай звыклай традыцыі "забываючыся” алкаголем. Гэта хутка пераходзіць у звычку, назойлівую патрэбу. Васкевіч гэта бачыць, бачыць гэта і маці. Васкевіч злуецца за гэта на яе, на сваю слабасць... Цяжкі псіхалагічны стан абвастраецца тым, што ён відавочна губляе сябе, таго палкага і дапытлівага маладзёна, які некалі выправіўся ў Мінск калі не з напалеонаўскімі, то з даволі смелымі планамі. Тут, у вёсцы, герой засынае, упадае ў нейкую летаргію, хоць і рухаецца, і дзейнічае, і нават ходзіць на працу. Гэты сон перабіваюць пакутлівыя енкі яшчэ не да канца памерлай душы: для чаго я жыву, які ў гэтым сэнс і чаму маці, надрыўна і тупа працуючы ўсё жыццё, аб гэтым ніколі не задумваецца? Дачасна змарнелая ад вечнай фізічнай працы, яна тым не менш, як здаецца герою, не пакутуе душэўна, бо не мучыць сябе адвечнымі пытаннямі "для чаго?” і "навошта?”. Не пакутуе і сусед Пульс, як бы ахінуты сваім вар’яцтвам ад гэтых пытанняў.
 
Праз год Васкевіча аднаўляюць у інстытуце, бо змянілася палітычная сітуацыя, распаўся Савецкі Саюз. Ці прынесла гэта яму радасць, я сумняваюся. Бо ад сябе не збяжыш, а ў Васкевіча быў час у сябе зазірнуць. Таму сімвалічнымі падаюцца апошнія радкі аповесці: "Нічога гэтага Васкевіч ужо не чуў і не бачыў, у паўцёмным вагоне ён шукаў сваё месца”.
Просмотров: 872 | Добавил: NORAD | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
» Поиск

» Календарь
«  Май 2010  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

» Архив записей

» Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz


  • Copyright MyCorp © 2024